На пачатак году ў Беларусі тых, хто мае патрэбу палепшыць жыльлёвыя ўмовы, было зарэгістравана 717,5 тысяч. Паводле падлікаў Міністэрства статыстыкі й аналізу, гэта на 94,4 тысячы больш, чым год таму.
Статыстыка паказвае, што 22% грамадзянаў стаялі на ўліку больш за 10 гадоў.
З агульнай колькасьці грамдзаянаў, што стаяць на ўліку, 47% складаюць маладыя сем'і.
Намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Товарищ”, лідэр беларускіх камсамольцаў Зьміцер Яненка.
Яненка: Я сам у такім становішчы. Прыехаў у Менск з Салігорску, тут працую. Ня маю кватэры. А галоўнае, няма ніякіх пэрспэктываў.
Што маецца на ўвазе ў цяперашніх умовах стаяць у чарзе?
Яненка: Гэта з савецкіх часоў засталося. Людзям здаецца, што жытло будзе дарам. Але такога жытла ўжо няма.
Відаць, вядзецца размова пра льготны крэдыт?
Яненка: Так. Але нават пры льготным крэдыце за гэтую кватэру могуць расплочвацца і бацькі, і дзеці. Дзяржава не зацікаўленая, каб маладые сем’і атрымлівалі крэдыты й будавалі жытло. Кіраўнікі забясьпечваюць сваіх дзяцей.
А вы спрабавалі вырашыць праблему?
Яненка: Спрабаваў, нават зайшоў у банк. Калі спыталі пра заробак, каб вызначыць крэдытаздольнасьць, і прапанавалі адпаведны крэдыт, было сьмешна, бо нават на балькон бы не хапіла.
У мінулым годзе атрымалі жытло 38 з паловаю тысячы жыхароў Беларусі, або толькі 6,2% усіх, хто стаяў на чарзе. Але ўсё ж колькасьць навасёлаў павялічылася ў параўнаньні з 2006 годам на 13%.
Тым часам у Польшчы, напрыклад, ніхто ў чарзе не стаіць, на льготныя крэдыты не спадзяецца й нічога не чакае. Маладым таксама пераважна няма дзе жыць, але здымаць кватэру нявыгадна. Лепш узяць крэдыт ды купіць сваю. І за 40 гадоў крэдыт нясьпешна сплаціць, не ствараючы сабе асаблівых абмежаваньняў. Адно што давядзецца працаваць, але праца аплочваецца.
У Беларусі чакаць пакуль падыдзе чарга даводзіцца ўсё больш і больш. У 1990 годзе сярдні час знаходжаньня ў сьпсе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў, складаў 7 з паловаю гадоў, а ў 2007 годзе ён расьцягнуўся ўжо на больш чым 18. Але гэта калі лічыць усіх разам - і тых, хто жыве ў вёсцы (у аграгарадках, напрыклад), і тых, хто ў горадзе. А калі толькі гараджанаў, дык яны правядуць у чарзе, калі тая будзе рухацца такімі ж тэмпамі, больш за 24 гады.
Ганна Гарачка
http://news.tut.by/